|
Галоўная > Гісторыя справы > Асабістая справа
Асабістая справа
Зьміцер Завадзкі нарадзіўся 28 жніўня 1972 г.
З 1994 па 1997 год – асабісты апэратар прэзыдэнта Лукашэнкі.
Са студзеня 1997 году – апэратар на Грамадзкім расейскім тэлебачаньні (ГРТ).
Вясной 1997 году быў арыштаваны разам з журналістам ГРТ Паўлам Шараметам за рэпартаж аб празрыстасьці беларуска-літоўскай мяжы і ўмоўна асуджаны на паўтары гады пазбаўленьня волі.
З кастрычніка 1999 году па травень 2000 году працаваў у Чачэніі, дзе разам з Паўлам Шараметам здымаў для ГРТ фільм “Чачэнскі дзёньнік”.
7 ліпеня 2000 году зьнік пры невысьвятленых абставінах па дарозе ў аэрапорт “Менск-2”
У траўні 2001 году зьняты ім дакумэнтальны фільм “Горад здань” быў узнагароджаны першай прэміяй на Міжнародным фэсьце дакумэнтальнага кіно ў горадзе Шчэцын (Польшча).
Па факце зьнікненьня Зьмітра была ўзбуджаная крымінальная справа па артыкуле “забойства”, потым абвінавачваньне было перакваліфікавана на выкраданьне і незаконнае пазбаўленьне чалавека волі. Аб гэтым амаль праз год паведамілі журналістам на адной з прэс-канфэрэнцый у пракуратуры. Тады ж яны афіцыйна пацьвердзілі, што ў справе замяшаныя былыя афіцэры МУС – супрацоўнікі сьпецпадразьдзяленьня па барацьбе з тэрарызмам “Алмаз”. Было названае прозьвішча галоўнага фігуранту – Валера Ігнатовіча, які разам з трыма сябрамі банды ўжо знаходзіцца ў СІЗА КДБ. Матывам выкраданьня Завадзкага, па вэрсіі сьледзтва, сталася інтэрвію Зьмітра "Белорусской деловой газете" аб былых супрацоўніках беларускіх спэцслужбаў, якія ваявалі на баку чачэнцаў. Нягледзячы на тое, што прозьвішча Ігнатовіча ў інтэрвію ня ўзгадвалася, сьледчыя былі перакананыя, што менавіта “алмазавец” адпомсьціў тэлеапэратару.
Натрапіць на сьлед Ігнатовіча беларускім праваахоўчым органам дапамаглі расейскія спэцслужбы, якія затрымалі яго летам 2000 году на тэрыторыі Чачэніі. Ён прызнаўся, што па ўказаньні вышэйшых службовых асобаў беларускіх сілавых ведамстваў выконваў спэцзаданьне. Выйшаўшы на волю, Ігнатовіч вярнуўся ў Беларусь, дзе яго адразу ж арыштавалі і зьмясьцілі ў СІЗА КДБ...
“Ніякага іншага матыву ў выкраданьні Завадзкага няма. Толькі помста. Гэта нашае глыбокае перакананьне. Мы правяралі вельмі шмат вэрсій, але іншай няма”, - заявіў у адным з інтэрвію начальнік сьледчай групы Іван Бранчэль.
|